Ужо трэці год запар у г.п. Жалудок, дзякуючы ініцыятыве старшыні пасвыканкама Г.І. Цывінскага, праходзіць турнір па міні-футболе ў гонар знакамітага земляка, генерала Парыжскай Камуны Валерыя Урублеўскага. Сёлета колькасць каманд павялічылася да сямі.
Спрэчкі на футбольных пляцоўках за званне мацнейшага вялі навучэнцы школ 1996-97 гадоў нараджэння. Сапернічалі мясцовыя футбалісты і спартсмены зборнай каманды раёна. Асноўны час паядынку не вызначыў пераможцу, таму былі прабіты пенальці. І тут фартуна ўсміхнулася гаспадарам турніру. Трэцяе месца дасталося васілішкаўцам.
Пераможцы атрымалі прыгожы кубак, прызёры – медалі, а ўсе ўдзельнікі турніру – па новаму скураному мячу.
Шчучыншчына ў другі раз гасцінна прымала ўдзельнікаў абласных фінальных спаборніцтваў па футболе “Скураны мяч”. З 18 па 20 жніўня на стадыёне “Алімп” сапернічалі пяць лепшых юнацкіх каманд са Шчучынскага, Смаргонскага, Дзятлаўскага, Зельвенскага раёнаў і Ленінскага раёна горада Гродна.
Хлебам-соллю сустракалі спартсменаў на нашай зямлі. Цёплымі словамі віталі юных футбалістаў намеснік старшыні райвыканкама Г.С. Хвядзюк, намеснік дырэктара абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва С.В. Кулакоў і галоўны суддзя спаборніцтваў І.В. Гваздоўскі.
Абласная акцыя пад такой назвай праходзіла ў летніх аздараўленчых лагерах нашага раёна. Разам з дзецьмі ўдзел у ёй прымалі работнікі Шчучынскага занальнага ЦГіЭ, спецыялісты райвыканкама, прадстаўнікі праваахоўных органаў, кінавідэапрадпрыемства, члены БРСМ.
– Усе мерапрыемствы, што ладзіліся ў лагерах, былі накіраваны на фарміраванне ў падлеткаў беражлівых адносін да свайго здароўя і здароўя людзей, якія жывуць побач, – тлумачыць урач Шчучынскага занальнага ЦГіЭ Ніна Вікенцьеўна Сухоцкая. – Сярод дзяцей распаўсюджвалі памяткі на тэмы прафілактыкі розных захворванняў, праводзілі гутаркі па прафілактыцы шкодных звычак, рацыянальным харчаванні.
Спякота і праліўныя дажджы прывялі да забруджвання вадаёмаў. У папярэднім нумары газеты мы паведамлялі, што закрыты для купання Шчучынскае і Гурнофельскае азёры. Аднак знаходзяцца смельчакі, якія ігнаруюць гэтым фактам і лезуць у ваду. Такая неапраўданая смеласць можа абярнуцца хваробай.
Як расказаў памочнік урача-гігіеніста занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі В.П. Болтач, спецыялісты цэнтра кожны тыдзень бяруць пробы вады з адкрытых вадаёмаў зон адпачынку. Па выніках планавых даследаванняў вада ў Шчучынскім і Гурнофельскім азёрах не адпавядае норме па мікрабіялагічных паказчыках. А дакладней, у вадзе знаходзяцца бактэрыі групы кішэчнай палачкі. Гэта пагражае ўзнікненню інфекцыйных захворванняў у насельніцтва.
Часта не адпавядаюць патрабаванням бяспекі тавары дзіцячага асартыменту, цацкі, посуд і прадукты харчавання. Толькі за першы квартал гэтага года вышэйназваныя пасведчанні і акты не атрымалі каля 50 найменняў тавараў народнага спажывання.
Так, пастановай Галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Рэспублікі Беларусь было прыпынена дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай гігіенічнай рэгістрацыі на нектар яблычна-вішнёвы асветлены для дзіцячага харчавання з 2-х гадоў і ёгурт “Эрмігурт”, у складзе якіх знойдзена недазволеная харчовая дабаўка – сарбінавая кіслата. Пад забарону санітарнай службы таксама трапілі кетчуп “Таматны” з павышаным утрыманнем бензойнай кіслаты, рыс шліфаваны прапараны вытворчасці В’етнама, які меў непрыемны пах і прысмак, і ўзбекскі сушаны вінаград з павышаным утрыманнем плесені.
Пры лёгкай форме цеплавога і сонечнага ўдараў назіраецца вяласць, галаўны боль, млоснасць і рвота, тэмпература цела блізкая да нармальнай.
Сярэднецяжкая форма характарызуецца вяласцю, моцным галаўным болем, ірвотай, стратай прытомнасці. Рухі – няўпэўненыя. Пульс і дыханне пачашчаныя, скура чырвоная, потная, тэмпература цела вышэй за 39-40 градусаў.
Цяжкая форма можа ўзнікнуць раптоўна. Усё пачынаецца са стойкай страты прытомнасці, сутаргаў, узбуджэння. Часам з’яўляецца трызненне. Дыханне паверхневае, частае, нерытмічнае, пульс часты, слабы, твар спачатку чырвоны, потым бледна-сінюшны. Скура сухая, гарачая, часам пакрытая ліпкім потам, тэмпература цела дасягае 41-42 градусаў. Амаль кожны пяты чалавек з такой формай гіне.
Бывае, цяжка высветліць, што гэта: цеплавы ўдар ці інсульт. Звычайна, цеплавы ўдар бывае толькі ў зоне цяпла і вельмі рэдка – пры выхадзе з яе.
Выдатна выступіла каманда Шчучынскай МПМК-167 на абласной спартакіядзе “Здароўе”, якая прайшла ў мінулыя выхадныя ў вёсцы Зачэпічы. Першае месца сярод 21 каманды – не прыходзіцца сумнявацца ў спартыўных здольнасцях шчучынцаў.
Амаль 600 чалавек з усяе Гродзеншчыны – прадстаўнікі калектываў “Гроднааблсельбуда” – сабраліся на маляўнічым беразе Нёмана. На гэты раз падрыхтоўка і правядзенне спартакіяды былі даручаны МПМК-167.
У праграму ўваходзілі спаборніцтвы па міні-футболе і валейболе, эстафета. Удзельнікі каманд паднімалі гіру, перацягвалі канат, падцягваліся, адціскаліся.
У мінулую нядзелю на стадыёне “Алімп” прайшлі другія гарадскія гульні працоўных, прысвечаныя Дню вызвалення Шчучыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У спартыўным мерапрыемстве прынялі ўдзел чатырнаццаць каманд.
Прысутных вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Юльянавіч Сакалоўскі. Ён адзначыў рост колькасці ўдзельнікаў спартакіяды і пажадаў спартсменам здароўя і поспехаў.
І вось пачаліся спаборніцтвы. Армрэслінг, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, дартс, падцягванні, падняцце гіры, лёгкаатлетычная эстафета, перацягванне каната... Конкурсы патрабавалі ад спартсменаў высокай фізічнай падрыхтоўкі і поўнай самааддачы.
Жыхары Жалудоцкага сельсавета з кагорты тых, хто цікавіцца спортам і аддае перавагу актыўнаму адпачынку. У другой спартакіядзе, якая прайшла на цэнтральным стадыёне Жалудка, прынялі ўдзел больш за 150 спартсменаў.
У барацьбе за званне мацнейшай сышліся каманды Жалудоцкага свінагадоўчага комплексу, СВК “Жалудоцкі”, прадстаўнікоў бюджэтных арганізацый і мясцовага ўчастка РУП ЖКГ і ЖЭС.
Мініфутбол, валейбол, перацягванне каната, падыманне гіры, дартс, армрэслінг... Спаборніцтвы сталі для ўдзельнікаў спартакіяды сапраўднай праверкай асабістых здольнасцей і ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі. І трэба адзначыць, што яны прайшлі гэтае выпрабаванне “на ура”.