Пра ўзрост жанчын гаварыць не прынята. Але іншы раз менавіта ён можа быць падставай для захаплення і повадам для знаёмства.
У мінулую пятніцу жыхарка Шчучына, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Еўдакія Васільеўна Лаўрыновіч прымала шматлікія віншаванні з нагоды саліднага юбілею. Дзевяноста год – не жартачкі! Не перапыняліся тэлефонныя званкі. Віншавалі былыя калегі, сяброўкі, суседзі. Хто змог – парадаваў візітам.
Цёпла прынялі ў доме з чырвонай зорачкай на сцяне і нас – невялікую дэлегацыю ў складзе начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ю.Т. Пашука і журналістаў “Дзянніцы”. Юрый Тадэвушавіч уручыў юбілярцы Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта, пажадаў здароўя, бадзёрасці і даўгалецця. Еўдакія Васільеўна шчыра дзякавала гасцям за ўвагу, за добрыя словы, жартавала, што размяняла ўжо дзесяты дзесятак. Сапраўды, можна пазайздросціць памяці жанчыны, яснасці розуму, мудрым развагам. Яе прывабны твар прамяніцца дабрынёй і спакоем.
Еўдакія Васільеўна – чалавек нялёгкага лёсу, перажыла вайну, голад, смерць блізкіх. Родам яна з вёскі Дзяшоўка, што каля Ржэва. У 1941-ым годзе гэты горад апынуўся ў вогненным кальцы. Бясконцыя бамбёжкі, страх, жах – усё гэта паспытала дзяўчына Еўдакія. Падчас адной з бамбёжак загінула яе мама. Еўдакія і яе родныя перажылі жах канцлагера, у які сагналі мясцовы люд. Людзі гінулі ад голаду, холаду, тыфу. У жывых засталося няшмат. Еўдакіі і яе родным пашчасціла выжыць. Потым, у 43-ім яна выхаджвала цяжка параненых салдат у перасоўным эвакашпіталі. Перамогу сустрэла ў Кёнігсбергу.
Пасля вайны Еўдакія паехала да сясцёр у Беларусь, куды яны раней падаліся, ратуючыся ад голаду.
Наш горад стаў для Еўдакіі Васільеўны родным. Тут яна сустрэла свой лёс, тут нарадзілася яе дачушка. З мужам Казімірам Браніслававічам пражыла ў згодзе 23 гады. На жаль, ён рана пайшоў з жыцця.
Цяпер яе апора – дачка Галіна Казіміраўна. Яна з сям’ёй жыве на Украіне, а год таму прыехала да мамы, бо той ужо цяжкавата спраўляцца з дамашняй гаспадаркай.
У святочны для Еўдакіі Васільеўны дзень быў званок і з Украіны. Павіншавалі яе зяць, унукі і праўнучка. Ну як не парадавацца жанчыне, што ёсць на зямлі яе працяг!
Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.