Інспектар ДПС АДАІ Шчучынскага РАУС І.Ю. АРАБЧЫК: “На дарозе трэба ўмець бачыць сітуацыю на мінуту наперад”

Інспектар ДПС АДАІ Шчучынскага РАУС І.Ю. Арабчык: “На дарозе павінен быць парадак!”… Машына, за рулём якой быў малады хлопец з вёскі Калечыцы Іосіф Арабчык, спакойна кацілася па дарозе. Наперадзе “выплыў” знак “Уступі дарогу”. “Штосьці не так”, – глянуўшы на яго, падумаў вадзіцель. Нарэшце зразумеў: трохвугольнік прымацавалі няправільна – перавярнулі. “Бач ты, заўважыў. Малайчына! – пракаменціраваў пільнасць Іосіфа механік па забеспячэнні калгаса “Бальшавік” Эдуард Гайдук, які ехаў разам у аўтамабілі. – Табе б, хлопец, у ДАІ служыць…”
Сказаныя тады словы сталі для Іосіфа Арабчыка прарочымі. Ён пасля службы ў арміі нядоўга “шафярыў” у тым калгасе.
– А атрымалася вось як,  – успамінае цяпер Іосіф Юзэфавіч. – Пасля “дэмбеля” зайшоў я у ваенкамат. А там тадышні міліцэйскі зампаліт Міхаіл Іванавіч Майко са сваім інтарэсам – “вярбуе” нядаўніх воінаў на службу ў праваахоўныя органы. Пагутарыў я з ім. Дамовіліся, як толькі вызваліцца месца ў дзяржаўтаінспекцыі, возьмуць туды і мяне. Міхаіла Іванавіча зацікавіла, што яшчэ да службы ў арміі я скончыў Лідскі індустрыяльны тэхнікум і меў дыплом тэхніка-механіка.
З мая 1987 года і пачалася міліцэйская служба інспектара ДПС АДАІ Шчучынскага РАУС Іосіфа Юзэфавіча Арабчыка. Так і доўжыцца ўжо амаль 23 гады.
– Напачатку прайшоў паўгадавую першапачатковую падрыхтоўку ў Валгаградзе – у вучэбным цэнтры МУС СССР, – узгадвае Іосіф Юзэфавіч. – Вярнуўся ў Шчучын, тут і застаўся.
Вадзіцелі са стажам добра ведаюць інспектара ДПС капітана міліцыі Арабчыка. Кажуць, што чалавек ён прынцыповы, парушальнікам спуску не дае. Да таго ж сам – узорны кіроўца: паважае на дарозе другіх і да сябе патрабуе такіх жа адносін.
– Інспектар я строгі, – згаджаецца з характарыстыкай, дадзенай іншымі, Іосіф Юзэфавіч. – Але толькі на спагнаннях сваю службу не будую. Калі парушэнне дробнае, тыпу вадзіцель “стартануў” і забыў прышпіліцца рамянём бяспекі – папярэджваю, каб у наступны раз быў уважлівы. А вось за паездку без правоў, у п’яным стане, за перавышэнне хуткасці, стварэнне аварыйнай сітуацыі патрабаванне будзе па ўсёй строгасці закона. Надта дарагая цана такіх “недаглядаў”. За два дзесяткі гадоў службы пабачыў ўсяго… Аварыі, смерць… Асабліва шкада, калі гінуць невінаватыя. Вось, да прыкладу, недалёка ад Шчучына летась аварыя была. Людзі загінулі. А маглі б жыць. Каб жа ў адной з машын крыху меншай скорасць была – якраз размінуліся б на скрыжаванні… Ведаеце, часам секунды вырашаюць многае. Таму, лічу, на дарозе трэба ўмець бачыць сітуацыю на мінутку наперад – хто які манеўр зробіць…
Памяць Іосіфа Юзэфавіча захоўвае шмат эпізодаў, паўтарэння якіх ён не жадае. Да прыкладу, як недзе ў 90-ыя гады спыніў ля Лычкаўцаў “п’яны” трактар. Падышоў, назваў сябе, папрасіў у трактарыста дакументы. А з кабіны – у адказ: “Інспектар, дакументы я табе дам, а вось сам вылезці ўжо не магу…” “І такі, – абураецца Іосіф Юзэфавіч, – выехаў у рэйс”. А яшчэ ўзгадвае, як давялося выстраламі з табельнай зброі спыняць угоншчыка, што “прыхапіў” лесавоз яшчэ ў Мастах і планаваў праскочыць на хуткасці Шчучын. Час быў такі, што гараджане якраз з работы вярталіся. Мог бы ўгоншчык “накрышыць” і тэхнікі, і людзей, калі б супрацоўнікі ДАІ не спынілі выстраламі па колах…
Язду на “ўсіх парах” інспектар ДПС Арабчык і сам не любіць, і іншым нахабна паводзіць сябе на дарозе не дазваляе. І маладых калег, якія прыходзяць на службу ў ДАІ, павучае не праяўляць гарачнасці. “Адна справа, калі на дарозе п’яны “аўтакілер” ці злачынец: тады трэба даганяць і спыняць. Іншая – калі малады нахабнік зрабіў выгляд, што не заўважыў каманды спыніцца, і цісне на газ… – разважае наш герой. – І калі бачу, што нехта з маіх маладых калег рвецца дагнаць такога, спыняю. Кажу: не спяшайся, памятай, што нас чакаюць дома…
А дома ў Іосіфа Юзэфавіча ўсё ў парадку. З жонкай Ірынай Віктараўна выхоўваюць двух сыноў. Дзяніс ужо дарослы – працуе ў СПМК-61, а Дзіма яшчэ школьнік – вучыцца ў пятым класе першай гарадской школы. Старэйшы да таго ж завочна скончыў той жа Лідскі тэхнікум, што некалі і бацька.
Любоў да аўтамабіляў Іосіф Юзэфавіч прывівае і сваім родным. Жонка працуе поварам у дзіцячым садку №7, між тым смела і ўмела рулюе сваім “Фольксвагенам”. Па прызнанні мужа, ён спакойна сядзіць на пасажырскім месцы, калі Ірына Віктараўна – на вадзіцельскім.
Не выключае бацька, што Дзяніс, калі адслужыць у арміі, таксама выбера яго шлях – службу ў ДАІ. Зноў жа – час пакажа… А сам Іосіф Юзэфавіч прыме любы выбар сына, як некалі адабральна прынялі яго жаданне служыць у міліцыі бацькі – Мар’яна Баляславаўна і Юзэф Уладзіслававіч Арабчыкі.
Паміж іншым, у Калечыцы, дзе жывуць родныя людзі, інспектар імкнецца ў кожную вольную хвіліну. “Калі пасля дзяжурства выпадаюць два выхадныя, адзін з іх абавязкова праводжу ў бацькоў у вёсцы”, – прызнаецца ён. Што ж, ухвальнае жаданне, якое многае гаворыць пра гэтага чалавека.
А яшчэ ў свабодную хвілінку інспектар ДПС Арабчык вельмі любіць … чытаць. Паважае не якія-небудзь лёгкія раманчыкі ці дэтэктывы – “стралялкі”, а сур’ёзную гістарычную літаратуру. Тэлеэкран жа вабіць яго найперш добрымі старымі фільмамі. А “хобі на ўсё жыццё” Іосіф Юзэфавіч называе грыбное “паляванне”.
За столькі гадоў службы ў аддзяленні ДАІ інспектар дарожна-патрульнай службы Арабчык набыў дастаткова вопыту, навучыўся разбірацца ў людзях. І які б ён строгі не быў, вельмі любіць, калі ўдзельнікі дарожнага руху кажуць яму “дзякуй”. “За што “дзякуй”? Што папярэдзіў, што не аштрафаваў і … што даў вялікі штраф таксама, – усміхаецца Іосіф Юзэфавіч. – Значыць зразумелі, пераасэнсавалі свае паводзіны. Значыць і на дарозе будзе парадак”.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.