Прэсы – новыя, рукі – ўмелыя

Сярод вытворчых аперацый, якія выконваюцца ў цэху аўтатрактарных камплектаў завода “Аўтапровад”, ёсць нязвыклая на слых і незразумелая для непасвячоных – арміроўка правадоў наканечнікамі. Як патлумачыла нам начальнік цэха С.В. Яновіч, наканечнікі “ідуць” стужкай і, трапіўшы на провад, заціскаюцца на ім. Увесь працэс адбываецца на спецыяльных прэсах. Паміж іншым, у цэху яны новыя, замежнай вытворчасці. Гэта дае магчымасць узняць вытворчы працэс на якасна новы ўзровень. А працаваць на прэсах даверылі вопытным работніцам, у прыватнасці, Галіне Аляксандраўне Зянкевіч (на здымку справа). Пасада ж другой завадчанкі, якую вы бачыце на здымку, у асаблівай “расшыфроўцы” патрэбы не мае. Алена Яўгеньеўна Макжэцкая – размеркавальнік работ: заданні, атрыманыя ад яе, работніцы цэха выконваюць на працягу змены.
Г.А. Зянкевіч і А.Я. Макжэцкую аб’ядноўвае не толькі работа ў адным цэху, але і адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў, сумленнасць і працавітасць.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.