Замалёўкі з натуры

Малыя ды ўдалыя
Сонечная раніца. На аўтобусным прыпынку сабраліся жанчыны. Чакаюць аўтобус, каб ехаць у райцэнтр.
Непадалёку расце старая сліва. Да адной з галінак дрэва прывязана пластыкавая бутэлька з выразаным “акенцам”. На дне бутэлькі – хлебныя крошкі.
– Як добра хтосьці зрабіў, – разважаюць жанчыны. – Паклапаціўся пра птушак, не дасць бедным замерзнуць ад голаду і холаду.
– Гэта мае хлопцы, – далучаецца да размовы іх спадарожніца. – Убачылі праграму па тэлевізары, дзе расказвалася пра такія кармушкі, і вырашылі самі  змайстраваць. І корм не забываюць падсыпаць.
– Яны ж яшчэ малыя ў цябе, – дзівіцца адна з жанчын. – А бачыш, якія клапатлівыя. Малайцы! Не дадуць птушкам загінуць у халодную зіму.
Сапраўдны рыцар
Цёплы сонечны дзянёк. На календары – сакавік. З боку вакзала на аўтобусны прыпынак паволі ідзе малады чалавек. У руцэ трымае прыгожую бардовую ружу.
Думаю сама сабе: ружа, напэўна, дзяўчыне, а выхоўваўся малады чалавек, хутчэй за ўсё, у сям’і ваеннаслужачага. Здаўна лічыцца, што такія людзі ведаюць правілы добрага тону, выхаваныя і ветлівыя.
Ён быццам прачытаў мае думкі і тлумачыць:
– Хутка прыйдзе аўтобус з Жалудка. Прыедзе мая дзяўчына.
Я не ўцярпела і пытаю:
– Напэўна ў вас бацька ваеннаслужачы?
– Так, – здзівіўшыся, пацвердзіў мой суразмоўца.
Не памылілася!
А вось і аўтобус.
Выходзяць пасажыры, следам – дзяўчына. Малады чалавек дапамог ёй спусціцца і ўручыў ружу.
Я шчыра парадавалася, што і ў наш час яшчэ не перавяліся сапраўдныя рыцары.
Прыгажосць чалавечай душы
На прыпынку спыняецца аўтобус. Звычайна, жадаючых выйсці няма, і тыя, што сабраліся ехаць, дружна імкнуцца ў дзверы. Аднак, на гэты раз з салона паказваецца дзядуля. На выгляд – гадоў дзевяноста. Акуратны, дагледжаны.
Пасажыры рашылі, што ён едзе ў райцэнтр і памыліўся з прыпынкам.
– Не, мне менавіта тут выходзіць, – патлумачыў дзядуля.
Аказалася, ён жыве ў суседняй вёсцы. Даведаўся, што яго былая суседка стала ўдавою. Вырашыў падтрымаць жанчыну. Нягледзячы на ўзрост, адправіўся ў дарогу. Вось яна, прыгажосць чалавечай душы...
Ірына ДРОБЫШ,
в. Багуславова.